На запыт знайшлося 188 артыкулаў

  1. 101
    Пірад панам Тодарам расхадзіўся ходарам. — Аб тым, хто з прымусу дагаджае свайму валадару-ворагу, навет паніжаючы сваю людзкую годнасьць, каб гэтым захаваць сваё існаваньне. З казкі: - У двор прыехаў новы пан Фёдараў. Ён для зьдзеку ў суботу прымусіў свайго карчмара скакаць і пець, і карчмар скакаў і пеў:

    Пірад панам Хвёдарам
    Расхадзіўся ходарам.
    Ні я скачу - няволя,
    Ня Бог вялеў - пановя.

  2. 102
    Піражылі зіму й лета, піражывём і гэта. — Якая-б бяда ці няпрыемнасьць ні здарылася, дык няварта шмат турбавацца, бо з часам пройдзе, забудзецца.
  3. 103
    Пірахрысьціся ды пусьціся. — Парада быць адважным, калі пасылаюць у небясьпечнае месца.
  4. 104
    Піця жылы, пакуль жывы, а як памром, дык і колам ня ўб'ём. — Жартуюць пры выпіўцы.
  5. 105
    Пішы паня, што прапала. — Калі няма надзеі на спагнаньне нейкага доўгу.
  6. 106
    Плакаў, плакаў, - усё Бог аднакаў, а як стаў сьпіваць - стаў Бог даваць. — Плачам свайго жыцьця не паправіш.
  7. 107
    Плата ў ката, абы душа ня ў пні. — Аб тым, хто не клапоціцца аб добрай плаце за работу, абы ежа была добрая.
  8. 108
    Плаціць сухой лазы. — Загадзя выкупляецца ад зладзеяў, каб ня кралі.
  9. 109
    Плаця ні багаты, а вінаваты. — Так напамінаюць даўжніку, калі ён адмаўляецца доўг плаціць таму, што ён бедны.
  10. 110
    Плача, як бабёр. — Калі нехта з вялікай жалі плача. Паходзе з казкі пра бабра: Бабёр разумная й сумленная жывёліна. Ён вера ў наканаваны лёс. Калі на яго пастаўлена пастка, дык ён падышоўшы да яе з жалі доўга плача, бо ведае, што гэта ягоная сьмерць, але сьвядома лезе ў яе, бо вера ў свой лёс.
  11. 111
    Плачця вочы, хоць пазылазьця, бо бачылі, што куплялі. — Гэтак жартуюць з таго, хто купіў нейкую няпрыгодную рэч.
  12. 112
    Плюнь ды нагой затры. — Прыказваюць таму, на каго нарабілі нейкіх зводаў, каб ён не зьвяртаў увагі на гэту выдумку, бо яна столькі-ж вартая, як выплюненая й зацёртая сьліна.
  13. 113
    Поля роўна ляжыць ды гуляць ні вяліць. — Палявая гаспадарка патрабуе, каб гаспадар ня гуляў, а працаваў на полі.
  14. 114
    Поп сваё, а чорт сваё: аддай маю малітву. — Калі два праціўнікі ўступяць у бясконцую спрэчку ды адзін аднаму ня ўступаюць.
  15. 115
    Порыцца, як старац у торбя. — Аб тым, хто марудна выконвае работу ці доўга мацаецца, калі нечага шукае.
  16. 116
    Посьля гэбля ды тапаром папраўляя. — Калі нявучаны бярэцца папраўляць работу вучонага.
  17. 117
    Посьля кашы німа пашы. — У звычаі Беларусаў падаваць кашу апошняй стравай.
  18. 118
    Посьля сьмерці мной хоць плот падапры. — Прыказвае той, каго пры жыцьці крыўдзяць ды цешаць, што яго ўславяць посьля ягонай сьмерці.
  19. 119
    Потарч носам. — Носам проста ўніз.
  20. 120
    Поўная бруха да вучэньня глуха. — Бяднейшы вучань, які часта недаядае, лепей вучыцца за багатага.

Паведаміць пра недакладнасьць