-
141
Працуя, як чорны вол. — Аб вельмі працавітым.
-
142
Просім-ядзім, а падлезіш - ложкай у лоб дадзім. — Жарт. Калі нехта прышоў пры ядзе ды сказаў: «Сыць вам!» - дык гаспадар гавора: «Просім у полудзінь». Сусед-жа, што прышоў, дадае: «Просім-ядзім, а падлезіш, дык ложкай у лоб дадзім».
-
143
Проці вады цяжка плысьці. — Цяжка змагацца зь вялікай сілай.
-
144
Проці ліха на ўзгорачку. — Жартаўлівы адказ пытаючаму, дзе нехта жыве: - Тата, а дзе злодзі жыве? - Проці ліха на ўзгорачку!
-
145
Проч ідзі, а жыта сей. — Калі нехта ня хоча брацца за ніякую работу, бо ладзіцца празь нейкі час пакінуць хату. Даўней быў гэткі закон у Ліцьве (Беларусі), што калі арандатар пакідаў нейкую сялібу, жыта мусеў засеяць. Бадай што ад гэтага й пайшла гэтая прыказка.
-
146
Проша, пані Калоша. — Гэтак жартаўліва запрашаюць сядаць за стол, хоць чалавек і не называецца Калошам.
-
147
Проша ў кут, дзе ўсе тут. — Гэтак просяць гасьцей сядаць за стол.
-
148
Прыбяры пень, дык і пень харош. — Калі ганарысты, але тупы чалавек добра прыбярэцца. Адзежа чалавека аздабляе, але розуму не дадае.
-
149
Пры гатовай калодзя добра й агонь класьці. — Калі нехта, маючы запас грошы, гаспадарку ці прадпрыемства закладае.
-
150
Прыдзі да мяне тады ў госьці, калі мяне дома ня будзя. — Жартуюць з таго, хто запрасіў гасьцей, а сам нейдзе пашоў з дому.
-
151
Прыдзя каза да ваза, папросе сена. — Вайцяюць таму, хто адмовіў у дапамозе.
-
152
Прыдзя каза да лазы, папрося брэду. — Прыдзе такі час, што й ты будзеш прасіць ласкі. Брэд - шышачкі на вербалозе, якія козы надта любяць. Прыказвае той, каму адмовілі ў дапамозе.
-
153
Прыйшоў Спас - усяго з нас. — На Спаса, 6 жніўня, сяляне маюць да ўжытку гародніну й садавіну, а навет і новы хлеб.
-
154
Прыкусі языка. — Папярэджаньне падлетка, каб непатрэбнага не гаварыў.
-
155
Прымацкі хлеб сабацкі. — Прымаку трэба цярпець шмат крыўды ня толькі ад жонкі, але ад усей жончынай радні, а найболей ад цешчы.
-
156
Прыняць ласку. — Не адмовіцца сесьці за стол, калі запрашаюць.
-
157
Прыплод пашоў за плот. — Пра нярупнага гаспадара, у якога малады статак падох.
-
158
Прыстаў у пень. — Замарыўся, што й кроку далей ступіць ня можа.
-
159
Прычапіўся, як смала. — Прыказваюць, калі нехта прыстае зь нейкай просьбай.
-
160
Прычапіўся, як сьляпы к колу. — Калі нехта прыстае да другога, каб уступіць у лаянку ці звадку.
На запыт знайшлося 188 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць